ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць электрычных падстанцый, паветраных і кабельных ліній электраперадачы, прызначаных для перадачы энергіі ад электрастанцый да месцаў спажывання і размеркавання яе паміж спажыўцамі.

Адрозніваюць Э.с. пераменнага і пастаяннага току; электраэнергетычных сістэм і мясцовыя (да 35 кВ, радыусам да 15—30 км); разамкнутыя (радыяльныя, магістральныя і інш.) і замкнутыя (кальцавыя); гарадскія, прамысл., сельскія, цягавыя. Найб. пашыраны Э.с. 3-фазнага пераменнага току, напружаннем пераважна 380/220 і 660 В; 6, 10, 35, 110, 150, 220, 330, 400, 500, 750 і 1150 кВ (у Беларускай энергетычнай сістэме паветраныя ЛЭП да 750 кВ, кабельныя да 110 кВ). Э.с. напружаннем 380/220 В — 4-правадныя (3-фазныя правады і нулявы), больш за 1 кВ — заўсёды 3-правадныя. Э.с. пастаяннага току сілкуюць гар. электратранспарт, электрахім. прадпрыемствы, перадаюць вял. патокі энергіі на вял. адлегласці. Эксплуатацыю Э.с. забяспечваюць рэлейная ахова, маланкаахова, пераключальныя прыстасаванні, дынамічныя гасільнікі вібрацыі правадоў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)